Вернуться в обычный режим просмотра сайта
Этот текст взят с портала BELINTERNAT.ORG, созданного в рамках проекта интернЕт-интернАт ОО Фокус-группа при поддержке Всемирного банка.
Проект направлен на внедрение интернет-технологий в работу школ-интернатов Минской области.
Спасибо за то, что воспользовались материалом с нашего портала.

 

 

»методические материалы по данной теме

 
 

»методические материалы по данной теме (пока отсутствуют) »методические материалы по данной теме »методические материалы по данной теме »методические материалы по данной теме

 

в Избранное| На печать| О проекте/Участники | Фокус-группа  English version

прававые основы


ТВОЙ ПРАВАВЫ СТАТУС АД НАРАДЖЭННЯ

Аутар: Алеся Чарняўская, навуковы супрацоўнiк Нацыянальнага iнстытута адукацыi, педагог i юрыст.

Змест:

Мая сям'я і шлюбна-сямейныя стасункі

Ты нарадзіўся і адразу стаў сынам ці дачкой жанчыны і мужчыны, якія для цябе з'яўляюцца самымі дарагімі і блізкімі людзьмі на свеце – мамай і татай. У тваім, як і ў іх жыцці, увесь час адбываюцца змены, якія, на жаль, не заўсёды могуць быць станоўчымі і дадатнымі. І ў гэтых сітуацыях табе на дапамогу прыйдзе Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбу і сям’і, у якім досыць дэтальна распісаны правы і абавязкі тваіх бацькоў у дачыненні да цябе, і твае ў дачыненні да іх (пасля таго як ты станеш цалкам дзеяздольным).

НАРАДЖЭННЕ

1.  У цябе ўзнікае права на:

­ жыццё і годныя ўмовы жыцця (дзяржава праз сваіх прадстаўнікоў абараняе цябе ад любых супрацьпраўных дзеянняў, клапоціцца каб ты меў рацыянальнае бяспечнае харчаванне і не падвяргаўся жорсткаму абыходжанню ці прыніжэнню);

­ ахову і ўмацаванне здароўя (напрыклад, бясплатнае лекаванне ў дзяржаўных установах);

­ сям'ю (жыць са сваімі бацькамі, мець раўназначныя кантакты з абодвума бацькамі, напрыклад, пры скасаванні шлюбу паміж імі, падтрымліваць стасункі з іншымі сваякамі);

­ маёмасць і матэрыяльнае забеспячэнне (атрымліваць спадчыну ці падарункі, удзельнічаць у прыватызацыі жылля, мець забеспячэнне неабходных умоваў жыцця);

­ грамадзянства;

­ абарону (твае законныя прадстаўнікі павінны абараняць цябе, але і ты сам можаш звяртацца па абарону);

­ адпачынак. Для таго каб ты меў мажлівасць рэалізаваць гэта права дзяржава будуе спартовыя і забаўляльныя будынкі і пляцоўкі, стварае пазашкольныя установы ды іншае;

­ жыллё (жыць у памяшканні, якое адпавядае існуючым у рэспубліцы патрабаванням, карыстацца жылым памяшканнем, на якое маюць права твае бацькі).

2.  Над табой можа быць усталявана апека, калі бацькі не могуць клапаціцца пра цябе больш за 6 месяцаў (з'ехалі ў камандзіроўку ці цяжка захварэлі, пазбаўлены бацькоўскіх правоў*, памерлі і іншае).

3.  Месца твайго жыхарства, як было сказана вышэй, гэта месца жыхарства тваіх бацькоў (да 14 гадоў). Калі бацькі жывуць паасобку (напрыклад, у выніку скасавання шлюбу), то месца твайго жыхарства вызначаецца на падставе дамовы паміж імі. Калі бацькі не могуць дамовіцца паміж сабой, то дадзеная спрэчка вырашаецца судом.

4.  Ты маеш права самастойна ці праз законных прадстаўнікоў звярнуцца па абарону сваіх правоў і інтарэсаў у органы апекі і папячыцельства**, камісію па справах непаўналетніх, а таксама ў пракуратуру.

5.  Абавязкова зменіцца (да дасягнення табой 16 гадоў) тваё:

­ прозвішча, калі прозвішчы зменяць абодва бацькі;

­ імя па бацьку, калі зменіць асабістае імя твой бацька;

­ грамадзянства, калі абодва бацькі ці адзін з іх (пры ўмове, што другі невядомы), зменяць грамадзянства. Але па жаданню бацькоў, якія змянілі грамадзянства, за табой можа захавацца грамадзянства Беларусі;

6.  Не цягне за сабой абавязковай змены твайго імені па бацьку і прозвішча:

­ перапыненне шлюбу паміж бацькамі;

­ прызнанне шлюбу несапраўдным;

­ пазбаўленне аднаго ці абодвух тваіх законных прадстаўнікоў бацькоўскіх правоў;

­ калі над табой устанавілі бацькоўства, ці ўсынавілі (удачарылі).

10 гадоў

Орган апекі і папячыцельства абавязкова павінен атрымаць тваю згоду на:

­  змену прозвішча, імя і імя па бацьку (пры ўсынаўленні, уступленні аднаго з бацькоў у паўторны шлюб і г.д.);

­  перадачу цябе пад апеку ці папячыцельства***;

­ усынаўленне.

14 гадоў

1.  Ты маеш права самастойна ці праз сваіх прадстаўнікоў звярнуцца па абарону сваіх правоў у суд.

2.  Над табой можа быць усталявана папячыцельства, калі ты застаўся без апекі бацькоў больш чым на 6 месяцаў (напрыклад, яны з'ехалі ў камандзіроўку ці захварэлі, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, памерлі і іншае).

3.  З дазволу органаў апекі і папячыцельства ты маеш права пражываць асобна ад свайго папячыцеля (калі ты жывеш з папячыцелем, а не з бацькамі) пры ўмове, што гэта не паўплывае адмоўна на тваё выхаванне і ахову тваіх правоў і інтарэсаў.

15 гадоў

Ты маеш права брацца шлюбам пры пэўных умовах:

­  нараджэнне сумеснага дзяцёнка, ці

­  наяўнасць даведкі аб пастаноўцы на ўлік па цяжарнасці, а таксама

- захаванне іншых неабходных патрабаванняў (узаемная згода тых, хто бярэцца шлюбам, адсутнасць перашкодаў для заключэння шлюбу і г.д.). Згода бацькоў на ўступленне табою ў шлюб у непаўналетнім узросце не патрабуецца.

16 гадоў

1.  Ты маеш права

­ змяніць сваё імя па бацьку і прозвішча на падставе асабістай заявы ў органы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.

­ брацца шлюбам і усынаўляць пры аб'яўленні цябе цалкам дзеяздольным, ці эмансіпіраваным.

2.  Толькі з тваёй згоды ў цябе будзе зменена грамадзянства пры змене грамадзянства тваімі бацькамі, а таксама пры ўсынаўленні цябе грамадзянамі іншых краін.

18 гадоў

Ты становішся дарослым і

­ калі табе быў прызначаны папячыцель, то папячыцельства перапыняецца без прыняцця спецыяльнага рашэння на гэты конт;

­ можаш вольна брацца шлюбам;

­ маеш права усынаўляць, браць пад апеку ці ўсталёўваць папячыцельства.

*Пазбаўленне бацькоўскіх правоў можа быць здзейснена ў дачыненні да абодвух ці аднаго з бацькоў, калі будзе усталявана, што яны:

·  ухіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванню дзяцей;

·  злоўжываюць сваімі правамі;

·  жорстка абыходзяцца з дзеткамі;

·  вядуць амаральны стыль жыцця і гэтым адмоўна ўплываюць на дзяцей;

·  з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі ці наркаманамі;

·  падалі пісьмовую заяву аб адмове ад дзіцяці.

**Органы апекі і папячыцельства – імі з'яўляюцца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і непасрэдна існуючыя ў складзе дадзеных органаў аддзелы адукацыі (напрыклад, у горадзе Мінску – сектары па ахове дзяцінства).

*** Апека і папячыцельства – гэта такая форма клопату дзяржавы пра цябе, калі ты ў выніку смерці тваіх законных прадстаўнікоў, пазбаўлення іх правоў, прызнання недзеяздольнымі з-за душэўнай хваробы ці прыдуркаватасці, ці па іншым прычынам застаўся без бацькоўскага дагляду.

ТВОЙ ПРАВАВЫ СТАТУС АД НАРАДЖЭННЯ ДА ПАЎНАЛЕЦЦЯ

Вось кароткія звесткі аб тваім прававым статусе ад нараджэння да паўналецця.

 

узрост

Правы і адказнасць

ТЫ ПАЎНАЛЕТНІ

18

Цябе называюць дарослым, бо ты становішся цалкам дзеяздольным (маеш мажлівасць сваімі дзеяннямі набываць і выконваць грамадзянскія правы) і нясеш поўную адказнасць за свае ўчынкі ці дзеянні.

ты з'яўляешся НЕПАЎНАЛЕТНІМ

ты ПАДЛЕТАК

16

1. Ты маеш права:

­ самастойна працаўладкоўвацца;

­ здзяйсняць адпаведныя здзелкі з пісьмовага дазволу бацькоў;

­ распараджацца самастойна заробкам, стыпендыяй ці іншымі даходамі;

­ стаць эмансіпіраваным;

­ уступаць у грамадскія аб'яднанні без дазволу бацькоў;

­ стаць сябрам кааператыва;

­ кіраваць матацыклам

2. Надыходзіць крымінальная і адміністрацыйная адказнасць за большасць супрацьпраўных учынкаў.

15

Ты можаш:

­ уступаць у шлюб пры наяўнасці адпаведных умоваў;

­ удзельнічаць у рэлігійных абрадах без згоды бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць

14

1. Ты маеш права:

­ працаўладкоўвацца з пісьмовага дазволу бацькоў;

­ здзяйсняць здзелкі, якія адпавядаюць пэўным умовам;

­ пражываць асобна ад папячыцеля (пры наяўнасці пэўных умоваў);

­ самастойна звяртацца ў суд па абарону сваіх правоў.

2. За здзяйсненне пэўных учынкаў ты будзеш несці крымінальную, адміністрацыйную і грамадзянскую адказнасць.

3. Калі ты са сваімі бацькамі плануеш выехаць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, то для гэтага дадаткова спатрэбіцца ў пісьмовым выглядзе натарыяльна завераная твая асабістая згода.

ты з'яўляешся НЕПАЎНАЛЕТНІМ

цябе лічаць МАЛАЛЕТНІМ

11

Цябе могуць прыцягнуць да адказнасці за ўчыненне грамадска небяспечных ўчынкаў

10

У цябе з'яўляецца юрыдычна зафіксаванае права голасу

6-7

У цябе ўзнікаюць правы на:

­ адукацыю (бацькі ці іншыя асобы, адказныя за выхаванне, павінны аддаць цябе ў школу);

­ здзяйсненне дробных бытавых здзелак

 

1. У цябе ўзнікаюць правы на: а) жыццё і годныя ўмовы жыцця; б) ахову і ўмацаванне здароўя; в) сям'ю ; г) імя і прозвішча; д) грамадзянства; е) абарону; ж) бясплатны праезд (да 7 гадоў) і іншыя.

2. Ты можаш выехаць за мяжу толькі пры наяўнасці пісьмовага дазволу бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў (апекуноў, папячыцеляў і г.д.) ці ў іх суправаджэнні. Пры адсутнасці пісьмовай згоды аднаго з бацькоў твой выезд за мяжу можа быць дазволены рашэннем суда.

3. Псіхіятрычную дапамогу, псіхіятрычны агляд ці змяшчэнне цябе ў псіхіятрычны стацыянар можа адбывацца толькі па просьбе ці са згоды тваіх законных прадстаўнікоў (арт. 6 і 29 Закона "Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні") (да дасягнення табою 14 гадовага ўзросту).

4. У цябе з'яўляецца правасвядомасць.

НАРАДЖЭННЕ

Вір грамадзянскіх адносінаў

У грамадзянскія адносіны ты ўступаеш кожны раз як перадаеш каму-небудзь рэчы ў дар ці мяняеш іх на грошы (іншую рэч), аказваеш паслугі ці выконваеш працу за пэўную плату. Таксама да гэтых адносінаў прыналежаць і такія стасункі, якія не паддаюцца грашоваму вымярэнню, напрыклад, абарона гонару і годнасці, ахова аўтарскіх правоў.

Твае грамадзянскія правы, абавязкі і узнікаючая адказнасць рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.

НАРАДЖЭННЕ

ты Цалкам недзеяздольны

1. Узнікае грамадзянская праваздольнасць (здольнасць мець грамадзянскія правы і несці абавязкі. Дадзеная здольнасць прызнаецца за ўсімі грамадзянамі з моманту нараджэння і да іх смерці).

2. Пры неабходнасці (адсутнасць побач з табой бацькоў больш за 6 месяцаў) над табой можа усталёўвацца апека (да 14 гадоў).

3. Месца твайго жыхарства – гэта месца жыхарства тваіх бацькоў (да 14 гадоў). Калі бацькі жывуць паасобку, то месца твайго жыхарства вызначаецца на падставе артыкула 74 Кодэкса аб шлюбу і сям'і (гл. частку прысвечаную сямейнаму заканадаўству).

7-8 гадоў

1. Ты маеш права самастойна здзяйсняць:

­ дробныя бытавыя здзелкі (гэта значыць яны павінны быць накіраваны на задавальненне тваіх звычайных патрэбаў, момант заключэння і выканання здзелкі мусіць супадаць, а тавар каштаваць невялікія грошы. Да такіх здзелак адносіцца, напрыклад, набыццё хлеба ў краме);

­ здзелкі, якія накіраваны на бязвыплатнае атрыманне выгады і не патрабуюць дзяржаўнай рэгістрацыі, ці натарыяльнага сведчання альбо афармлення (напрыклад, падараваць цацку сябру);

­ здзелкі па выкарыстанню грашовых сродкаў, якія далі табе законныя прадстаўнікі*, альбо са згоды апошніх іншымі асобамі для пэўнай мэты ці вольнага выкарыстання (напрыклад, кішэнныя грошы на штодзённыя траты).

2. Учыненую табой шкоду пакрываюць бацькі ці іншыя апекуны (выхаваўчая ці лячэбная ўстанова). Калі твае законныя прадстаўнікі не маюць дастатковых сродкаў каб кампенсаваць шкоду, то суд мае права спагнаць з цябе грошы тады, як ты станеш цалкам дзеяздольнай асобай і будзеш у стане аплаціць усё сам. Адначасова апекуны могуць не пакрываць пацярпеламу панесеныя страты, калі дакажуць, што ты прычыніў шкоду не па іх віне.**

ты Часткова  дзеяздольны

14 гадоў

1.  Ты маеш права:

­  самастойна, без згоды бацькоў ці іншых апекуноў, выкарыстоўваць свой заробак, стыпендыю ці іншыя асабістыя даходы;

­  здзяйсняць правы аўтара на творы навукі, літаратуры, мастацтва ці вынаходніцтва;

­  уносіць уклады ў крэдытныя ўстановы і распараджацца імі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам;

­  здзяйсняць іншыя здзелкі са згоды законных прадстаўнікоў (за выключэннем дазволеных з 7-8 гадоў). Прычым згода мусіць быць аформлена пісьмова да ці пасля здзяйснення здзелкі;

­  мець маёмасць на праве ўласніка; атрымліваць спадчыну і завяшчаць маёмасць;

­  выбіраць месца жыхарства (гл. тлумачэнні ў табліцы прысвечанай сямейным стасункам).

2.  Учыненую табой шкоду ты мусіш пакрываць самастойна на агульных падставах. Калі ў цябе няма дастатковых даходаў ці іншай маёмасці для пакрыцця шкоды, то выплаты павінны рабіць бацькі. Але калі твае законныя прадстаўнікі дакажуць, што ўчыненая табой шкода адбылася не па іх віне, то яны могуць быць вызвалены ад пакрыцця страт.

3.  Пры неабходнасці суд можа абмежаваць ці пазбавіць цябе права самастойна кіраваць сваім заробкам, стыпендыяй ці іншымі даходамі, калі ты будзеш нерацыянальна выкарыстоўваць атрыманы прыбытак (напрыклад, набываць наркатычныя ці спіртныя напоі, іграць на грошы ў азартныя гульні ды іншае).

16 гадоў

Ты можаш:

1.  Стаць сябрам кааператыва.

2.  Быць аб'яўленым эмансіпіраваным (цалкам дзеяздольным) пры ўмове, што

­ працуеш на падставе працоўнай дамовы; ці

­ займаешся са згоды законных прадстаўнікоў прадпрымальніцкай дзейнасцю.

18 гадоў

Ты становішся цалкам дзеяздольным. Гэта азначае, што ты маеш права сваімі учынкамі набываць і здзяйсняць усе грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх.

*Законныя прадстаўнікі – бацькі, усынавіцелі і апекуны (папячыцелі).

**Законныя прадстаўнікі прызнаюцца вінаватымі ва ўчынках сваіх дзяцей, калі будзе даказана, што непаўналетні ўчыніў шкоду з-за:

­  адсутнасці за ім адпаведнага нагляду; ці

­  безадказнага падыходу да яго выхавання; ці

­  неправамернага выкарыстання бацькамі сваіх правоў у дачыненні да дзяцей, у выніку чаго апошнія і прычынілі страты (напрыклад, патуранне ці заахвочванне законнымі прадстаўнікамі свавольства альбо хуліганскіх учынкаў непаўналетніх, безнагляднасць ці адсутнасць увагі да іх).


ПРАЦА

Грошы можна здабыць рознымі шляхамі. Але самы лепшы спосаб, які прыносіць задавальнене і упэўненасць у сваіх сілах, гэта запрацаваць іх выкарыстоўваючы свае веды, здольнасці і навыкі. У нашай краіне малалетні пазбаўлены магчымасці працаваць на падставе працоўнай дамовы. Гэта зроблена для таго каб абараніць растучы арганізм ад нагрузак, якія могуць адмоўна паўплываць на яго развіццё. Але гэта не азначае, што да 14 гадоў ты ўвогуле нічога не будзеш рабіць.

Твае працоўныя правы, адказнасць і абавязкі дэтальна рапісаны ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь.

НАРАДЖЭННЕ

Табе юрыдычна забаронена працаваць на падставе працоўнай дамовы*

14 гадоў

1.  Ты маеш права з пісьмовагай згоды аднаго з бацькоў (папячыцеляў) заключыць працоўную дамову для выканання працаў, якія

­ не шкодзяць твайму здароўю і развіццю;

­ не ставіць перашкодаў твайму наведванню агульнаадукацыйнай школы.

2.  Ты можаш:

2.1.  Працаваць не больш 23 гадзін на тыдзень ці не больш 4-х гадзін 36 хвілін на дзень. Калі ты навучаешся ў агульнаадукацыйнай школе і працуеш у вольны ад вучобы час, то працягласць тваёй штодзённай працоўнай змены не можа перавышаць 2 гадзіны 18 хвілін.

2.2.  Выконваць наступныя лёгкія віды працаў (у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства здравааховы РБ ад 29.04.2000 г. №9 "Аб зацверджанні пераліку легкіх відаў працаў, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў"):

­ сельскагаспадарчыя (напрыклад, палоць агародніну, рыхліць яе ці матыжыць, збіраць бульбу ці іншыя карняплоды пасля перапашкі поля, чысціць і сарціраваць агародніну і іншае);

­ лесагаспадарчыя (напрыклад, садзіць лес, даглядаць за маладымі ляснымі культурамі, удзельнічаць у нарыхтоўцы лекавай сыравіны, грыбоў, ягад і іншае);

­ упарадкаванне і азеляненне гарадоў і пасёлкаў (напрыклад, рабіць пляцоўкі для гульняў ці заняткаў спорту, афармляць клумбы і газоны і іншае);

­ іншае (разнасіць карэспандэнцыю, працаваць у школьнай майстэрні).

3. У адпаведнасці з артыкулам 279 ПК заробак цябе пры скарочанай працягласці штодзённай працы выплочваецца ў такім жа памеры, як і працаўнікам адпаведных катэгорый пры поўнай занятасці. Аднак аплата тваёй працы (калі ты працуеш у вольны ад вучобы час) адбываецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу ці ў залежнасці ад выпрацаванага.

4.Пры прыёме на працу (і штогод да дасягнення табой 18 гадоў) ты павінен праходзіць медыцынскі агляд, які мусіць адбывацца ў працоўны час з захаваннем сярэдняга заробку.

5. Працоўны адпачынак табе павінны прадаставіць у летні час ці ў любы іншы перыяд, які ты назавеш (арт. 277 ПК).

6. Табе забараняецца:

­ працаваць у начны час (з 22 гадзін вечара да 6 гадзін ранку) і звышурочна (арт. 117 ПК);

­ працаваць пад час дзяржаўных святаў, у дні, якія з'яўляюцца святочнымі, ці выходнымі;

­ удзельнічаць у цяжкіх працах і на працах са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі, на падземных і горных працах. Спіс працаў, да якіх забараняецца прыцягваць асобаў, маладзейшых за 18 гадоў, зацверджаны распараджэннем № 1 ад 02.02.1995 г. Міністэрства працы (дадзены Спіс абавязковы для наймальнікаў усіх форм маёмасці);

­  уладкоўвацца на працу, дзе ты павінен падымаць ці перасоўваць самастойна цяжкасці вагой звыш за 4,1 кг.

7. Скасаванне працоўнай дамовы з табой (пры выкананні ўсіх іншых умоваў) можа адбывацца толькі са згоды районнай (гарадской) Камісіі па справах непаўналетніх (арт. 282 ПК). З табой могуць скасаваць працоўную дамову ў наступных выпадках:

1) сістэматычнае невыкананне табой без паважных прычын абавязкаў, якія запісаны ў працоўнай дамове з табой;

2) прагул (у тым ліку адсутнасць на працы больш за 3 гадзіны на працягу працоўнага дня) без паважных прычын;

3) з'яўленне на працы ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап'янення, а таксама распіццё ці ужыванне гэтых рэчываў на працоўным месцы;

4) здзяйсненне на месцы працы маёмасці наймальніка, якое устаноўлена рашэннем суда уступіўшым у законную сілу;

5) аднаразовае грубае парушэнне аховы працы, што пацягнула калецтва ці смерць іншых працаўнікоў і гэтак далей.

15 гадоў

Цябе прымуць на пастаянную працу толькі са згоды прафсаюзнага камітэта прадпрыемства ці арганізацыі. Прычым прафсаюзны камітэт будзе персанальна разглядаць і улічваць: твой стан здароўя; характар будучай працы і адпаведнасць ей тваіх навыкаў і здольнасцяў; прычыны, па якіх ты мусіш перапыніць навучанне і пайсці працаваць (напрыклад, цяжкі матэрыяльна-бытавы стан і г.д.).

16 гадоў

Ты маеш права:

-  самастойна заключаць працоўную дамову;

-  працаваць не больш 35 гадзін на тыдзень ці не больш 7-мі гадзін на дзень. Калі ты навучаешся ў прафесійна-тэхнічнай навучальнай установе і працуеш у вольны ад вучобы час, то працягласць тваёй штодзённай працоўнай змены не можа перавышаць 3 гадзін 30 хвілін;

-  на працягу змены падымаць і перасоўваць уручную груз вагою

 да 10 кг – пастаянна, больш двух разоў за гадзіну, калі ты хлопец і да 5 кг – калі дзяўчына;

 да 16 кг – пры чаргаванні з іншай працай да двух разоў у гадзіну (хлопцы) і да 7 кг дзяўчаты.

18 гадоў

Ты страчваеш усе льготы як непаўналетні з адначасовым набыццём працоў і абавязкаў дарослга.

*Працоўная дамова – гэта пагадненне аб працоўнай дзейнасці паміж працаўніком (табой) і наймальнікам (тым хто прадстаўляе працу). Абавязкова заключаецца ў пісьмовым выглядзе і падпісваецца абодвума бакамі (табой і працадаўцам).


Як не стаць правапарушальнікам

Ты расцеш і дзякуючы навакольным даведваешся, што табе можна, а што нельга рабіць. Аднак, часам, ахоплены азарным настроем з сябрамі, робіш тое, што ніколі б адзін не зрабіў, нават не падумаў, што гэта можна ўчыніць. Таму вельмі важна ведаць, што закон лічыць недапушчальным і спыніцца.

Твае правы і адказнасць пры здзяйсненні ўчынкаў, якія не нясуць небяспеку грамадству, запісаны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях.

 Нараджэнне

1. Да адміністрацыйнай адказнасці цябе прыцягнуць не могуць. За здзейсненыя табой да дасягнення адпаведнага ўзросту адміністрацыйныя учынкі нясуць адказнасць твае законныя прадстаўнікі (бацькі, апекуны, папячыцелі).

2. Ты маеш права да сямі гадоў на бясплатны праезд у гарадскім пасажырскім транспарце агульнага карыстання (акрамя таксі), а таксама на аўтамабільным і чыгуначным транспарце агульнага карыстання прыгарадных маршрутаў.

3. Табе забаронена (да 18 гадоў) знаходзіцца на вулiцах горада, у дварах i пад'ездах дамоў, а таксама ў iншых грамадскiх месцах без суправаджэння бацькоў (альбо асоб, якiя iх замяняюць) з 23.00 да 6.00 гадзiн раніцы.

14 гадоў

1. Надыходзіць адміністрацыйная адказнасць за пэўныя віды правапарушэнняў (арт. 4.3 КаАП):

­  наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання (арт. 9.1);

­  дробны крадзеж (арт. 10.5);

­  наўмыснае вынішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (арт. 10.9);

­  парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспецы ў лясах ці тарфяніках (арт. 15.29);

­  жорсткае абыходжанне з жывёламі (арт. 15.45);

­  распальванне вогнішчаў у забароненых мясцінах (арт. 15.58);

­  дробнае хуліганства (арт. 17.1);

­  парушэнне правілаў, якія забяспечваюць бяспеку руху на чыгуначным ці гарадскім электрычным транспарце (ч.1-3, 5 арт. 18.3);

­  парушэнне правілаў карыстання сродкамі чыгуначнага транспарту (арт. 18.4);

­  парушэнне правілаў карыстання транспартным сродкам (арт. 18.9);

­  парушэнне правілаў карыстання метрапалітэнам (арт. 18.10);

­  парушэнне патрабаванняў па забеспячэнню цэласнасці грузу на транспарце (арт. 18.34);

­  пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў (арт. 19.4);

­  парушэнне парадку ўскрыцця вайсковых пахаванняў і правядзення пошукавых прац (арт. 19.7);

­  незаконныя дзеянні ў дачыненні да газавай, пнеўматычнай ці кідальнай зброі (арт. 23.46);

­  незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі (арт. 23.47).

2. Пры здзяйсненні правапарушэнняў на цябе могуць накласці наступныя віды ўзысканняў:

- папярэджанне, якое выражаецца ў пісьмовай перасцярозе аб недапушчальнасці ў будучым супрацьпраўных паводзінаў;

- выпраўчыя працы, якія выражаюцца ў вылічэнні з заробку вінаватага 20 % з яго заробку на працягу 1 – 2 месяцаў (арт. 6.6).

Пры здзяйсненні любога правапарушэння цябе могуць вынесці папярэджанне, нават, калі гэта не прадугледжана адпаведным артыкулам Кодэкса (ч.3 арт. 4.6 КаАП).

3. На цябе не могуць накласці наступныя віды пакаранняў:

- адміністрацыйны арышт (да дасягнення табой 18 гадоў);

- штраф (за выключэннем выпадкаў, калі ты маеш асабісты заробак, ступендыю ці іны прыбытак, арт. 4.6 КаАП).

16 гадоў

1.  Цябе могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасць за большасць правапарушэнняў, якія запісаны ў КаАП.

2.  За парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства на цябе могуць накласці (у дадатак да вышэй названых) наступныя віды пакаранняў:

­  штраф. Яго памер звычайна адлічваецца ў базавых велічынях на дзень вынясення прыгавору. Мінімальны памер штрафа не можа быць ніжэй 0,1 базавай велічыні, а максімальны 50-ці базавых велічынь;

­  пазбаўленне спецыяльнага права, напрыклад права вадзіць матацыкл.

18 гадоў

Ты будзеш несці поўную адміністрацыйную адказнасць пры здзяйсненні правапарушэнняў, абазначаных у Кодэксе.

З крымінальным законам на “Ты”

Жыццё вельмі складаная і дзівосная з'ява і таму народная прыказка сцвярджае, што "Ад сумы і кратаў не трэба заракацца". Веданне норм крымінальнага кодэкса дапамагае не толькі жыць не парушаючы закон, але і больш упэўнена адчуваць сябе ў гэтым складаным свеце.

Твае правы і адказнасць пры здзяйсненні грамадска небяспечных учынкаў прапісаны ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (КК).

НАРАДЖЭННЕ

Да крымінальнай адказнасці цябе прыцягнуць нельга. За здзейсненыя табой крымінальныя ўчынкі нясуць адказнасць законныя прадстаўнікі (арт. 9.4 КаАП).

11 гадоў

За здзяйсненне злачынства, якое прадугледжана Крымінальным кодэксам, да дасягнення ўзросту з якога ўзнікае крымінальная адказнасць, ты можаш быць накіраваны ў спецыяльную вучэбна- ці лячэбна-выхаваўчую ўстанову. Накіроўваюць туды па рашэнню суда і на тэрмін не больш як 2 гады.

14 гадоў

1. Надыходзіць крымінальная адказнасць за пэўныя віды злачынстваў (ч. 2 арт. 27 КК):

1) забойства (арт. 139);

2) прычыненні смерці па неасцярожнасці (арт. 144);

3) учыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147);

4) наўмыснае ўчыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 149);

5) згвалтаванне (арт. 166);

6) гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару (арт. 167);

7) выкраданне чалавека (арт. 182);

8) крадзёж (арт. 205);

9) рабаўніцтва (арт. 206);

10) разбой (арт. 207);

11) вымагальніцтва (арт. 208);

12) угон аўтадарожнага транспартнага сродка ці маламернага вадзянога судна (арт. 214);

13) наўмыснае знічтажэнне ці пашкоджанне маёмасці, што пацягнула цяжкія паследствы (частка 2 і 3 арт. 218);

14) захоп закладніка (арт. 291);

15) крадзёж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў ці выбуховых рэчаў (арт. 294);

16) наўмыснае пашкоджанне транспартных сродкаў ці шляхоў зносін (арт. 309);

17) крадзёж наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчаў і прэкурсораў (арт. 327);

18) хуліганства (арт. 334);

19) загаддзя ілжывае паведамленне аб небяспецы (арт. 340);

20) апаганенне будынкаў і псаванне маёмасці (арт. 341);

21) пабег з месцаў пазбаўлення волі (арт. 413).

Пералік злачынстваў, за здзяйсненне якіх крымінальная адказнасць надыходзіць з 14 гадоў, з'яўляецца вычарпаным.

2. За ўчыненыя табой злачынствы табе могуць прызначыць наступныя віды пакаранняў:

­  штраф (арт. 111 КК) прызначаецца асобам, якія маюць самастойны заробак ці маёмасць. Сума штрафа не можа перавышаць 20-ці кратнага памеру базавай велічыні, а за карысныя злачынствы – 100-кратнага памеру базавай велічыні. Памер базавай велічыні вызначаецца на момант вынясення прысуду, а сам штраф мусіць быць унесены на працягу 30 дзён.

­  арышт (арт. 114 КК, прызначаецца на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў да асобаў як жаночага, так і мужчынскага полу). Арышт адбываецца ў спецыяльных арыштоўных дамах;

­  пазбаўленне волі (арт. 115 - 116 КК). Тэрмін пазбаўлення волі не можа перавышаць за:

·  менш цяжкае злачынства – 3 гады;

·  цяжкае – 7 гадоў;

·  асабліва цяжкае – 10 гадоў;

·  некалькі злачынстваў, калі хаця б 1 з іх цяжкае ці асабліва цяжкае – 12 гадоў (да дасягнення табой 16 гадоў) і 15 гадоў пасля дасягнення табою 16-гадовага ўзросту;

·  асабліва цяжкае злачынства, сумешчанае з наўмысным пасягальніцтвам на жыццё чалавека - 15 гадоў;

·  здзяйсненне некалькіх злачынстваў, сярод якіх хаця б 1 з'яўляецца асабліва цяжкім і сумешчана з наўмысным пасягальніцтвам на жыццё чалавека – 17 гадоў.

­  прымусовыя меры выпраўчага характару (117 КК). Дадзенае пакаранне уяўляе сабой рашэнне суда, у адпаведнасці з якім:

·  цябе будзе вынесена папярэджанне і патлумачаны наступствы паўторнага здзяйснення злачынства;

·  на цябе будзе ўскладзены абавязак (калі на дзень пастановы прыгавора ты дасягнуў 15 гадоў, маеш самастойны заробак і памер стратаў пацярпелага не перавышае сярэднямесячнага твайго заробку) пакрыць са сваіх сродкаў ці прыбраць сваёю працай нанесеную шкоду;

·  ты мусіш папрасіць публічна ці ў іншым выглядзе прабачэнне ў пацярпелага;

·  могуць быць абмежаваны твае перамяшчэнні ў вольны час (працягласць дадзенага пакарання ад 1 да 6 месяцаў). Калі табе прызначылі гэтае пакаранне ты: мусіш з'яўляцца для рэгістрацыі; не наведваць пэўныя грамадскія месцы і адпаведна выкарыстоўваць свой вольны час;

·  цябе могуць накіраваць у спецыяльную вучэбна- ці лячэбна-выхаваўчую установу (на тэрмін да 2 гадоў і не больш чым да дасягнення табою паўналецця);

За здзейсненыя злачынствы ў непаўналетнім узросце табе можа быць прызначана па сукупнасці прыгавораў канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 20 гадоў. У нашай краіне смяротнае пакаранне і пажыццёвае зняволенне не прызначаецца непаўналетнім.

16 гадоў

1. Надыходзіць поўная крымінальная адказнасць за пэўныя віды злачынстваў*.

2. За здзяйсненне злачынстваў табе могуць прызначыць наступныя віды пакаранняў у дадатак да названых вышэй (на дзень вынясення прыгавора):

­ грамадскія працы (арт. 110 КК, на тэрмін ад 30 да 180 гадзін). Заключаюцца ў выкананні у вольны ад вучобы ці працы час бясплатных працаў, якія для цябе з'яўляюцца пасільнымі. Працягласць дадзенага віда пакарання не можа перавышаць трох гадзін на дзень і трох дзён на тыдзень;

­ пазбаўленне права займацца адпаведнай дзейнасцю (арт. 112 КК, на тэрмін ад 1 года да 3 гадоў пры ўмове, што ты фактычна займаешся ці юрыдычна управе займацца адпаведнай лягальнай дзейнасцю). Заключаецца ў забароне займацца дзейнасцю, у сувязі з якой было здзейснена злачынства;

­ выпраўчыя працы (арт. 113 КК, на тэрмін ад 2 месяцаў да 1 года па месцу працы). Заключаюцца ва ўтрыманні з заробка асуджана (ад 5 да 15 %) на карысць дзяржавы сумы, якая ўстаноўлена ў прыгаворы суда.

3. За здзяйсненне злачынстваў ва ўзросце да 18 гадоў, суд не можа табе прызначыць дадатковае пакаранне ў выглядзе канфіскацыі маёмасці (арт. 109 КК).

18 гадоў

1. Надыходзіць поўная крымінальная адказнасць, гэта азначае, што па дасягненні 18-гадовага ўзросту ты можаш стаць суб'ектам любога з пералічаных у крымінальным кодэксе злачынстваў.

2. За здзяйсненне злачынстваў у непаўналетнім узросце табе могуць прызначыць абмежаванне волі (прызначаецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў, арт. 1141 КК) у дадатак да пакаранняў названых вышэй.

Мы спадзяемся, што знаёмства з гэтым матэрыялам дапаможа табе вырашаць узнікаючыя праблемы і спрэчныя пытанні, дасць мажлівасць лепш арыентавацца ў віры заканадаўчых нормаў.

Поспехаў табе ў справе набыцця прававых ведаў!


^ наверх ^
   домой |  новости |  сообщество |  ответы |  здоровье |  выпуск |  учёба |  ссылки |  методические материалы  |  написать письмо